МЁРТВАЯ МО́ВА,

мова, якая выйшла з ужытку і вядомая толькі па пісьмовых помніках ці запісах, што дайшлі з часу, калі яна была жывой. Часта захоўваецца ў жывым ужыванні ў якасці мовы культу (копцкая мова як мова богаслужэння ў хрысціян-егіпцян, лацінская мова ў каталіцкай царкве, царкоўнаславянская мова ў праваслаўнай царкве, класічная тыбецкая мова ў ламаісцкай царкве ў манг. народнасцей). Больш рэдкім з’яўляецца адначасовае выкарыстанне М.м. ў якасці саслоўнай (каставай жрэцкай, што звязана з яе культавай роляй) і літаратурнай, напр., санскрыт у стараж. і сярэдневяковай Індыі. М.м. можа выкарыстоўвацца ў навуцы (лац. мова). Лексіка М.м. характарызуецца колькаснай абмежаванасцю, лексемамі, значэнне якіх застаецца невядомым, і лексемамі, якія трапляюцца ў тэкстах толькі адзін раз. У выключных сац. умовах магчыма пераўтварэнне М.м. культу ў размоўную (напр., іўрыт). Многія з М.м. сталі набыткам навукі ў выніку дэшыфроўкі іх пісьмовых помнікаў.

т. 10, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)